1 сакавіка – міжнародны дзень грамадзянскай абароны

1 сакавіка – міжнародны дзень грамадзянскай абароны

Акцыя ратавальнікаў «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» пачалася ў Бярэзінскім раёне 1 сакавіка з правядзення мерапрыемстваў у школах раёна.

На базе ДУА «Сярэдняя школа №2 г.Беразіно» перад старшакласнікамі выступіў работнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Раман Крукаў.

Надзвычай важна весці работу менавіта з дзецьмі, бо заўтра яны – дарослыя, якім   абавязкова давядзецца выкарыстоўваць веды ў жыцці.

Школьнікі ўважліва слухалі інфармацыю пра парадак дзеянняў пры сігнале грамадзянская абароны «Увага ўсім!», глядзелі відэафільмы. Віктарына па правілах паводзінаў у небяспечных сітуацыях, расповед пра мабільнае прыкладанне ратавальнікаў, работа з прэзентацыямі – абавязковыя складальнікі мерапрыемства.

Найбольш актыўныя ўдзельнікі акцыі атрымалі карысныя памяткі і буклеты ад ратавальнікаў і, думаецца, дапоўнілі свой «багаж ведаў».

Нагадваем: пры сігнале грамадзянскай абароны, які ўяўляе з сябе гук сірэны, неабходна тэрмінова ўключыць сродак масавай інфармацыі – радыепрыемнік, тэлевізар. Вам раскажуць, што адбылося і як трэба дзейнічаць. Таксама магчыма апавяшчэнне насельніцтва пры дапамозе рассылкі паведамленняў на мабільныя тэлефоны.

Вольга Ермакова, інспектар прапаганды Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях