Как прошла акция «Безопасность в каждый дом»

Жыццё – цудоўнае, а наперадзе шмат добрага!

На чарговае мерапрыемства ратавальнікаў Бярэзіншчыны, што праводзілася ў  рамках кцыі “Бяспека – у кожны дом” сабраліся работнікі фізкультурна-аздараўленчага комплекса “Лазурный”. Інспектар прапаганды райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Ермакова правяла своеасаблівую “школу бяспекі” для прысутных: яна нагадала пра прычыны пажараў у жыллі людзей і на прадпрыемствах, акцэнтавала ўвагу на бяспеку дзяцей: на жаль, з-за неабачлівасці дарослых нярэдка пакутуюць дзеці, таму трэба забяспечыць кантроль за забавамі дзяцей, асабліва гэта датычыцца дашкольнікаў.

Дзіця ў пэўным узросце недаацэньвае небяспеку некаторых сваіх дзеянняў. Малыя даследуюць гэты свет, і калі іх гульні і забавы аказваюцца па-за кантролем дарослых – да бяды будзе рукой падаць. Так, штогод дзеці гінуць на пажарах і пры дарожна-транспартных здарэннях, тонуць на вадаемах, выпадаюць з вакон і атрымліваюць электратраўмы… Спіс трагічных наступстваў можна працягваць. Вінаваціць малое дзіця не прыходзіцца, бо відавочна вінаватыя бацькі, што пакінулі яго без нагляду”, — зазначыла інспектар.

Фільм “Бяспека ў кожны дом” расказаў удзельнікам акцыі пра асноўныя правілы, абавязковыя для выканання кожным гаспадаром, што дбае пра сваю бяспеку. Дырэктар установы Сяргей Вальчэўскі нагадаў сваім работнікам прынцып прывядзення ў работу вогнетушыцеля. Таксама мы пагаварылі пра знакі пажарнай эвакуацыі, мабільнае прыкладанне “Дапамога побач”, Вольга Ермакова адказала на пытанні прысутных.

Не курыце ў ложку, не перанакальвайце печку, трымайце у спраўнасці электрасеткі, своечасова выконвайце іх рамонт, выключайце электрапрыборы, што не прызначаныя для пастаяннай работы, сачыце за дзецьмі – нескладаныя, здаецца, правілы. Аднак не для кожнага яны відавочныя і абавязковыя для выканання. У групе рызыкі – пажылыя грамадзяне і людзі, што злоўжываюць спіртнымі напоямі. Менавіта яны часцей за ўсё становяцца ахвярамі пажару. І калі першая катэгорыя людзей чуйна рэагуе на рэкамендацыі ратавальнікаў, то да другой “дастукацца” часам не атрымліваецца ніякімі намаганнямі. Беражыце сябе! Жыццё – цудоўнае, а наперадзе шмат добрага!


Карысна, весела, цікава, альбо Як прайшла акцыя “Бяспека ў кожны дом” у центры творчасці дзяцей і моладзі

Штодня цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Бярэзінскага раёна наведвае некалькі дзясяткаў дзяцей: тут яны займаюць свой час творчымі справамі, знаходзяць сяброў, вучацца ствараць прыгожае. Тут жа працуе і раённы адукацыйны міні-цэнтр бяспекі, які штогод дапаўняецца новымі прыладамі для эфектыўнага навучання дзяцей і дарослых мерам уласнай бяспекі.

На яго базе інспектар прапаганды Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Ермакова правяла мерапрыемства для дзяцей, што наведваюць цэнтр творчасці і для дарослых, што там працуюць. У рамках акцыі “Бяспека ў кожны дом”, якая зараз актыўна праводзіцца ратавальнікамі, дарослым і дзецям расказалі пра прычыны вогненных здарэнняў у раёне, прывялі канткрэтная прыклады, калі неабачлівасць людзей прыводзіла да бяды. Усе прысутныя “здавалі экзамен” па бяспецы, тэсціравалі свае веды з дапамогай планшэта “Дапамога побач”, успаміналі прынцып прывядзення ў дзеянне вогнетушыцеля, разгадвалі сэнс знакаў пажарнай эвакуацыі, званілі у пажарную службу. Самыя актыўныя дзеці, акрамя буклетаў “Бяспечнае дзяцінства”, атрымалі і наборы каляровых алоўкаў, дарослыя – буклеты “Ваш бяспечны дом”.

Прафілактыка пажараў, гібелі людей на вадзе і іншых здарэнняў, навучанне мерам бяспекі і правілам паводзінаў пры надзвычайных сітуаціях – важнейшая функцыя службы ратавання.

Яна рэалізуецца не толькі падчас правядзення акцый. Выступленні на сельскіх сходах і ў працоўных калектывах, інфармаванне людзей праз сродкі масавай інфармацыі, прымяненне нестандартных формаў работы і многае іншае – складальнікі маштабнай работы ратавальнікаў па папярэджанні няшчасных выпадкаў. Прыслухоўвацца да рэкамендацый, выконваць простыя правілы – тое, што патрабуецца ад людзей. А найперш – строга сачыць за гульнямі дзяцей і падлеткаў, таму што няма нічога больш трагічнага, чым гібель дзіцяці з-за недагляду дарослых.

Беражыце сябе і памятайце тэлефон службы ратавання – 112.