Вясковы гандаль з ноткамі бяспекі

         Бойка зараз ідзе гандаль школьнымі прыладамі і адзеннем: у апошні летні тыдзень бацькі разам з дзецьмі наведваюць школьныя базары, каб закупіцца ўсім неабходным да новага навучальнага года. Гандлевыя паслугі прадастаўляюцца і жыхарам невялікіх населеных пунктаў: да іх гатовы выехаць аўталаўкі з усіх неабходным асартыментам. Поплеч з прадаўцамі працуюць і ратавальнікі: так, інспектар Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Маргарыта Закрэўская правяла акцыю «У цэнтры ўвагі – дзеці» ў весках Косаўка і Гарэнічы Капланецкага сельскага Савета.

Дзецям і дарослым, што наведалі невялікую ярмарку, нагадалі парадак дзеяння пры ўзгаранні, правілы карыстання вогнетушыцелем, расказалі пра прычыны вогненных няшчасцяў. Дзецям спадабалася «тэлефанаваць» у службу ратавання, дарослым – адказваць на пытанні віктарыны. Усім бацькам нагадалі пра неабходнасць пільна сачыць за гульнямі дзяцей, яшчэ раз пагаварыць з малымі пра меры бяспекі на дарозе – хутка ў школу, і многія дзеці ідуць на ўрокі самастойна.  Таксма інспектар расказала пра цэнтры бяспекі, што працуюць у вобласці і якія можна наведаць, нялішнім стаў і аповед пра мабільнае прыкладанне ратавальнікаў «Дапамога побач».

        Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Мазанік каменціруе:

«З пачатку года ў Беларусі на пажарах загінулі васьмера дзяцей. За лета нямала было выпадкаў  гібелі дзяцей на вадзе, бяда не абышла і Бярэзінскі раён. Нярэдка дзеці гінуць на дарозе, пры выпадзенні з вокан, атрымліваюць атручванні бытавой хіміяй. Пералік магчымых няшчасных выпадкаў можна працягваць. Адном з галоўных фактараў бяды, акрамя свавольства дзяцей, становіцца недагляд малых з боку бацькоў. Беражыце дзяцей, кантралюйце іх гульні, асабліва ўважлівымі варта быць да дашкольнікаў і малодшых школьнікаў».